Старый парк

Центральный парк им. Э.Жилибера Парк Жылібера

На месцы былога каралеўскага замка на Гарадніцы. Бярэ пачатак ад парку часоў А. Тызенгаўза вясной 1776 г., калі ў Гродна быў запрошаны французскі прафесар медыцыны, батанік і анатам Жан Эмануэль Жылібер. Па дамове з А. Тызенгаўзам, падпісанай 9 мая 1776 г., ён павінен быў «залажыць сад, неабходны для школы медычнай». У цэнтры саду знаходзіўся домік садоўніка, які павінен быў яго даглядаць, з двюма аранжарэямі. Пасля 1781 г., калі А. Тызенгаўз быў зняты са сваіх пасад, частка найбольш каштоўных раслін была перавезена ў Вільню. Рэшткі каралеўскага батанічнага саду належалі вайсковаму шпіталю, які размяшчаўся побач. Таму да пачатку XIX ст. яго называлі «лазаретный» (шпітальны). Са стварэннем губернскай улады ён стаў часткай Гарадніцкага саду ці, як яго называлі яшчэ — Губернатарскім.
У другой палове XIX ст. Гарадніцкі сад стаў публічным. Найбольш ўпарадкаваным быў участак, які прылягаў да Гараднічанкі і губернатарскага дома. Тут зрабілі рамантычную «Швейцарскую даліну» з абрывамі, воднымі люстэркамі, якія размяркоўваліся тэрасамі, з лёгкімі ажурнымі масточкамі. У 1924 г. тут закладзены гарадскі парк паводле плана прафесара Таньскага. Чыгунная агароджа з боку вул. Ажэшкі, якая захавалася да нашага часу, была зроблена паводле праекта Ю. Ядкоўскага і на замову магістрата ў яўрэйскай рамеснай школе. На пачатак 1920-х гг. у парку, з боку вул. Акадэміцкай, працаваў летні лакаль клуба «Муза», — з більярднаю, асобнымі кабінетамі, чытальняй, залаю, буфетам і кухняй. Побач стаяла старая кузня часоў А. Тызенгаўза (пазней — уласнасць Ганараты Завіслоўскай), разабраная ужо пасля 1950 г. У 1926 г. настаўнік гімназіі імя А. Міцкевіча Я. Каханоўскі арганізуе побач з паркам агарод і клумбы. Таксама ў парку былі гарадошная пляцоўка і драўляны масток цераз Гараднічанку — Мендарпляц. Ян Каханоўскі з дазволу магістрата ў 1926 г. заклаў у паўночна-ўсходняй частцы гарадскога парку школьны батанічны сад. У 1928/29 школьным годзе адкрыўся заалагічны аддзел, які стаў асновай для арганізацыі ў 1929 г. гарадскога заапарку. У канцы Другой сусветнай вайны тэрыторыя былога школьнага батанічнага саду была выкарыстана пад могілкі для савецкага палявога ваеннага шпіталя. Было захавана каля тысячы савецкіх салдат. Пазней перазахавалі ў адной брацкай магіле паблізу Гараднічанкі.
У 1950-я гады вакол парку была зроблена агароджа з кованых эклектычных бардзюр, дэмантаваных з разбуранага моста над Нёманам. Тады ж з боку вул. Дзяржынскага быў пастаўлены помнік Сталіну-Леніну. У 1951 г. на базе былога біялагічнага саду Я. Каханоўскага адчыняецца абласная станцыя юных натуралістаў. Першым яе кіраўніком стаў Н. Жаваранкоў. Для яе працы выкарыстоўвалі ў тым ліку захаваную з 1920-х гадоў аранжарэю-«памаранчарню». У 1953 г. станцыя перанесена на вул. Камунальную, але аранжарэя заставалася яе філіялам яшчэ да канца 1950-х гадоў. У далейшым тэрыторыя былога батанічнага саду была поўнасцю ўключана ў склад гарадскога парку. Усе расліны, уключаючы пробкавае дрэва часоў Жылібера, былі знішчаны, а на іх месцы пабудавана некалькі каруселяў. Рашэннем гарвыканкама ад 15 верасня 1989 г. парку было нададзена імя прафесара Ж. Жылібера. У маі 1991 г. Саўмін БССР зацвердзіў пастанову аб усталяванні бюста навукоўцу аднак гэтае рашэнне не было выканана. Апошняя рэканструкцыя парку, падчас якой з’явілася новая «Швейцарская даліна», адбылася ў 2005 г., аднак ужо ў 2006 г. напярэдадні чарговага свята тут быў знесены будынак старой аранжарэі. Тады ж былі знесены драўляны кінатэатр «Летні» — апошнія гады ў ім месціўся клуб «Клетка», і «Лакамка» — драўляны павільён на ўваходзе у парк з боку плошчы Леніна.

<a href="http://akdf.grodno.net">http://akdf.grodno.net</a>

Языковые настройки

Информация об альбоме

Популярные теги